1 Лет 16
І прынесьлі Каўчэг Божы, і паставілі яго ў сярэдзіне Намёту, які Давід падрыхтаваў для яго, і склалі ахвяры цэласпаленьня і ахвяры мірныя перад абліччам Божым.
І скончыў Давід паліць цэласпаленьні і ахвяры мірныя, і дабраславіў народ у імя ГОСПАДА.
І раздаў усім Ізраільцянам, як мужчынам, так і жанчынам, кожнаму па бохану хлеба, і па кавалку мяса, і па кілішку віна.
І паставіў на службу перад Каўчэгам ГОСПАДА на служэньне лявітаў, каб нагадвалі [пра Яго], славілі і хвалілі ГОСПАДА, Бога Ізраіля:
Асаф — галоўны, і намесьнік ягоны Захарыя, Еіэль, Шэмірамот, Ехіэль, Матытыя, Эліяў, Баная, Абэд-Эдом і Еіэль з псалтырам і гусьлямі, Асаф — на цымбалах гучных,
Бэная і Яхазіэль, сьвятары — заўсёды [трубіць] у трубы перад Каўчэгам Запавету Божага.
У той дзень Давід упершыню загадаў славіць ГОСПАДА Асафу і братам ягоным:
«Слаўце ГОСПАДА, клічце імя Ягонае, паведамляйце між народамі дзеі Ягоныя!
Сьпявайце Яму, выслаўляйце Яго, размаўляйце пра ўсе цудоўныя дзеі Ягоныя.
10  Хваліцеся імем Ягоным сьвятым! Няхай весяліцца сэрца тых, што шукаюць ГОСПАДА.
11  Шукайце ГОСПАДА і сілу Ягоную, шукайце аблічча Ягонае заўсёды.
12  Узгадвайце цудоўныя дзеі Ягоныя, якія Ён зрабіў, цуды Ягоныя і прысуды вуснаў Ягоных.
13  Насеньне Ізраіля, слугі Ягоныя, сыны Якуба, выбранцы Ягоныя!
14  Ён — ГОСПАД, Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.
15  Ён памятае на вякі Запавет Свой, слова, якое загадаў на тысячу пакаленьняў,
16  якое заключыў з Абрагамам, і прысягу Сваю Ісааку.
17  Ён паставіў Якубу як пастанову, Ізраілю — запавет вечны,
18  кажучы: “Табе Я дам зямлю Ханаан, [пракладу] шнур спадчыны вашай”.
19  Калі было ў вас людзей мала на лік, вельмі мала і [вы былі] чужынцы ў ёй,
20  і пераходзілі ад народу да народу, і ад [аднаго] валадарства да іншага народу,
21  Ён не дазволіў нікому прыгнятаць іх, і караў дзеля іх валадароў:
22  [кажучы]: “Не чапайце памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабіце благога!”
23  Сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля, дабравесьціце з дня на дзень збаўленьне Ягонае.
24  Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
25  Бо вялікі ГОСПАД і годны хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў.
26  Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы ўчыніў.
27  Слава і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — на месцы Ягоным.
28  Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц.
29  Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага. Прынясіце дары і ідзіце перад аблічча Ягонае. Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні.
30  Дрыжы перад абліччам Ягоным, уся зямля. Ён сусьвет умацаваў, не пахісьнецца.
31  Няхай узрадуюцца нябёсы, няхай узьвесяліцца зямля, і няхай скажуць між народамі: “ГОСПАД валадарыць!”
32  Няхай мора гудзе і тое, што ў ім, няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім.
33  Тады будуць усклікаць дрэвы лясныя перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён прыходзіць судзіць зямлю.
34  Выслаўляйце ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
35  І кажыце: “Збаў нас, Божа збаўленьня нашага! І зьбяры нас, і выбаў нас ад паганаў, каб мы маглі славіць імя Тваё сьвятое і хваліліся славай Тваёй!”
36  Дабраслаўлёны ГОСПАД, Бог Ізраіля, ад веку і аж на вякі!» І сказаў увесь народ: «Амэн!», і славіў ГОСПАДА.
37  І [Давід] пакінуў там, перад Каўчэгам Запавету ГОСПАДА, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад Каўчэгам заўсёды, паводле патрэбы кожнага дня,
38  і Абэд-Эдома і братоў ягоных, шэсьцьдзясят восем; а Абэд-Эдома, сына Едутуна, і Хосу прыдзьвернікамі,
39  а Цадока, сьвятара, і братоў ягоных, сьвятароў — перад Сялібай ГОСПАДА, на ўзгорку, які ў Гібэоне,
40  каб складалі цэласпаленьні ГОСПАДУ на ахвярніку цэласпаленьня заўсёды, раніцаю і ўвечары, паводле ўсіх пастановаў Закону ГОСПАДА, які Ён загадаў Ізраілю.
41  І з імі Гэмана і Едутуна і іншых выбраных, якія прызначаныя па імёнах, каб славіць ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
42  Пры іх Гэман і Едутун з трубамі і цымбаламі, каб граць, і з інструмэнтамі для сьпеваў Божых; а сыны Едутуна — пры браме.
43  І адыйшоў увесь народ, кожны ў дом свой, і вярнуўся Давід, каб дабраславіць дом свой.