1 Лет 23
І Давід стаў стары і насычаны днямі, і ён паставіў Салямона, сына свайго, за валадара над Ізраілем.
І сабраў ён усіх князёў, і сьвятароў, і лявітаў.
І былі палічаны лявіты ад трыццаці гадоў і вышэй; і быў лік іхні, паводле галоваў мужчынаў, — трыццаць восем тысячаў.
З іх для кіраваньня працаю ў Доме ГОСПАДА — дваццаць чатыры тысячы, а наглядчыкаў і судзьдзяў — шэсьць тысячаў.
І чатыры тысячы прыдзьвернікаў, і чатыры тысячы тых, якія хваляць ГОСПАДА на [музычных] інструмэнтах, якія зробленыя для хвалы.
І падзяліў іх Давід на чэргі паводле сыноў Левія — Гершома, Кегата і Мэрары.
З [сыноў] Гершома — Лаэдан і Шымэй.
Сыны Лаэдана: галоўны — Ехіэль, Зэтам і Ёэль, тры.
Сыны Шымэя: Шэляміт, Хазіэль і Харан, тры. Гэта галовы [дамоў] бацькоў Лаэдана.
10  Сыны Шымэя: Яхат, Зіна, Еуш і Бэрыя. Гэта сыны Шымэя, чатыры.
11  Яхат быў галоўны, а Зіна — другі; але Еуш і Бэрыя ня мелі шмат сыноў, і яны былі ў адной чарзе дому бацькі [свайго].
12  Сыны Кегата: Амрам, Іцгар, Хеўрон і Узіэль, чатыры.
13  Сыны Амрама: Аарон і Майсей. Аарон быў аддзелены, каб пасьвяціць яго для Сьвятога Сьвятых, яго і сыноў ягоных, на вякі, каб яны кадзілі перад абліччам ГОСПАДА, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Ягонае на вякі.
14  А Майсей [быў] чалавек Божы, сыны ягоныя залічаныя да калена Левія.
15  Сын Майсея: Гершом і Эліэзэр.
16  Сыны Гершома: Шэвуэль галоўны.
17  І былі сыны Эліэзэра: Рэхавія галоўны. І не было ў Эліэзэра іншых сыноў, а сыноў Рэхавіі было вельмі шмат.
18  Сыны Іцгара: Шэляміт галоўны.
19  Сыны Хеўрона: Ерыя галоўны, Амарыя другі, Ехазіэль трэці, Екамэам чацьвёрты.
20  Сыны Узіэля: Міха галоўны, Ішшыя другі.
21  Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Сыны Махлі: Элеазар і Кіш.
22  І памёр Элеазар, і не было ў яго сыноў, але толькі дочкі; і ўзялі іх сыны Кіша, браты іхнія.
23  Сыны Мушы: Махлі, Эдэр, Ірэмот, тры.
24  Гэта сыны Левія, паводле дамоў бацькоў сваіх, галовы [дамоў] бацькоў, паводле сьпісаў сваіх, паводле ліку імёнаў, паводле галоваў іхніх, якія рабілі працу служэньня ў Доме ГОСПАДА, ад дваццаці гадоў і вышэй.
25  Бо Давід сказаў: «ГОСПАД, Бог Ізраіля, даў супакой народу Свайму, і Ён будзе жыць у Ерусаліме на вякі.
26  І таксама лявітам ня трэба насіць Сялібу і ўсялякія прылады ейныя для служэньня ў ёй».
27  Таму, паводле апошніх словаў Давіда, палічаны сыны Левія ад дваццаці гадоў і вышэй,
28  бо занятак іхні — быць пры сынах Аарона для служэньня ў Доме ГОСПАДА, на панадворках і ў пакоях, і дзеля ачышчэньня ўсяго сьвятога, і для выкананьня служэньня ў Доме Божым,
29  і пры хлябах пакладных, і пры муцэ для ахвяры хлебнай, пры печыве прэсным, пры тым, што печанае і што смажанае, і пры ўсім, што ўзважва­юць і мераюць,
30  і каб яны станавіліся кожную раніцу славіць і хваліць ГОСПАДА, а таксама ўвечары,
31  і пры ахвярах цэласпаленьня для ГОСПАДА ў суботы, у маладзік і ў сьвяты, у ліку, паводле парадку, вызначанага ім, назаўсёды перад абліччам ГОСПАДА,
32  і каб яны стаялі на варце пры Намёце Спатканьня, на варце сьвятыні, і на варце пры сынах Аарона, братах сваіх, на служэньні ў Доме ГОСПАДА.