2 Лет 7
Калі скончыў Салямон малітву, зыйшоў агонь з неба, і праглынуў цэласпаленьні і ахвяры, і слава ГОСПАДА напоўніла Дом.
І не маглі сьвятары ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА, бо слава ГОСПАДА напоўніла Дом ГОСПАДА.
І ўсе сыны Ізраіля, бачачы, як зыйшоў агонь і слава ГОСПАДА на Дом, упалі абліччам на зямлю, на падлогу, і пакланіліся, і выслаўлялі ГОСПАДА, бо Ён добры, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная.
І валадар і ўвесь народ ахвяравалі ахвяры перад абліччам ГОСПАДА.
І ахвяраваў валадар Салямон як ахвяру дваццаць дзьве тысячы валоў і сто дваццаць тысячаў авечак, і асьвяцілі Дом Божы валадар і ўвесь народ.
А сьвятары стаялі на варце сваёй, і лявіты з музычнымі інструмэнтамі ГОСПАДАВЫМІ, якія зрабіў валадар Давід для праслаўленьня ГОСПАДА, бо на вякі міласэрнасьць Ягоная, бо Давід выхваляў [Бога] імі. І сьвятары трубілі перад імі, і ўвесь Ізраіль стаяў.
І асьвяціў Салямон сярэдзіну панадворку, які перад Домам ГОСПАДА, бо там прынёс цэласпаленьні і тлушч ахвяраў мірных, бо ахвярнік мядзяны, які зрабіў Салямон, ня мог зьмясьціць цэласпаленьняў, і ахвяраў хлебных, і тлушчу.
І зрабіў Салямон у той час сьвята на сем дзён, і ўвесь Ізраіль з ім, царква вельмі вялікая, [якая сабралася] ад уваходу ў Хамат аж да ракі Эгіпецкай.
І зрабілі ў восьмы дзень урачысты сход, бо асьвячэньне ахвярніка рабілі сем дзён, і сьвяткавалі сем дзён.
10  І ў дваццаць трэці дзень сёмага месяца адпусьціў [Салямон] народ у намёты іхнія, радасных і з добрым сэрцам дзеля дабра, якое зрабіў ГОСПАД Давіду, і Салямону, і Ізраілю, народу Свайму.
11  І скончыў Салямон Дом ГОСПАДА і дом валадара; і ў-ва ўсім, што прыйшло ў сэрца Салямону зрабіць у Доме ГОСПАДА і ў доме сваім, ён меў посьпех.
12  І зьявіўся ГОСПАД Салямону ўначы, і сказаў яму: «Я пачуў малітву тваю і выбраў Сабе месца гэтае на Дом для ахвяраваньня.
13  Калі Я замкну неба і ня будзе дажджу, і калі загадаю саранчы жэрці зямлю, альбо спашлю пошасьць на народ Мой,
14  і калі ўпакорыцца народ Мой, які завецца імем Маім, і будзе маліцца і шукаць аблічча Маё, і адвернуцца ад шляхоў сваіх ліхіх, Я пачую з неба і прабачу грахі іхнія, і аздараўлю зямлю іхнюю.
15  Цяпер вочы Мае будуць адчыненыя і вушы Мае ўважлівыя да малітвы на месцы гэтым.
16  І цяпер Я выбраў і асьвяціў Дом гэты, каб імя Маё было там на вякі; і вочы Мае і сэрца Маё будуць там усе дні.
17  І цяпер, калі ты будзеш хадзіць перад абліччам Маім, як хадзіў Давід, бацька твой, і рабіць паводле ўсяго, што Я загадаў табе, і захоўваць пастановы Мае і суды Мае,
18  Я ўмацую пасад валадарства твайго, як Я заключыў [запавет] з Давідам, бацькам тваім, кажучы: “Ня будзе забраны ў цябе муж, які пануе ў Ізраілі”.
19  А калі вы адвернецеся і пакінеце пастановы Мае і прыказаньні Мае, якія Я даў вам, і пойдзеце, і будзеце служыць іншым багам, і будзеце пакланяцца ім,
20  Я выкараню вас з зямлі Маёй, якую Я даў вам, і гэты Дом, які Я асьвяціў для імя Майго, Я адкіну ад аблічча Майго і аддам яго на прыказку і насьмешку для ўсіх народаў.
21  І Дом гэты, які быў найвышэйшы, [будзе такі, што] ўсе, якія будуць праходзіць каля яго, аслупянеюць і скажуць: “За што зрабіў так ГОС­ПАД зямлі гэтай і Дому гэтаму?”
22  І скажуць: “За тое, што яны пакінулі ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і ўхапіліся за багоў іншых, і пакланяліся ім, і служылі ім, за тое Ён навёў на іх усё гэтае ліха”».