Рут 4
І ўзьняўся Боаз да брамы, і сеў там, і вось, сваяк-абаронца, пра якога казаў Боаз, ідзе. І кажа [Боаз]: «Чалавеча, падыйдзі і сядзь тут». І той падыйшоў, і сеў.
І ўзяў [Боаз] дзесяць чалавек са старшыняў гораду, і сказаў: «Сядайце тут». І яны селі.
І сказаў [Боаз] да таго сваяка-абаронцы: «Частку поля, якая [належыць] брату нашаму Элімэлеху, прадае Наомі, што вярнулася з палёў Мааву.
І я сказаў, што [належыцца] данесьці да вушэй тваіх гэтыя словы: “Набудзь [поле] перад тымі, хто сядзіць тут, і перад старшынямі народу нашага”. Калі адкупіш, адкупляй. А калі не адкупіш, скажы мне, каб я ведаў, бо ніхто ня можа адкупіць перад табою, а я — за табою». І той сказаў: «Я адкуплю».
І сказаў Боаз: «У дзень, калі набудзеш поле з рук Наомі, а таксама Рут Мааўлянкі, жонкі памерлага, набудзеш [абавязак] аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай».
І сказаў той сваяк-абаронца: «Не магу адкупіць для сябе, бо я зруйную спадчыну сваю. Ты адкупі для сябе маё права адкупленьня, бо я не магу адкупіць».
А было даўней у Ізраілі адносна адкупленьня і адносна зьмены ў зацьвярджэньні кожнай справы, што чалавек здымаў сандал свой і даваў яго бліжняму свайму. І гэта было сьведчаньнем у Ізраілі.
І сказаў той сваяк-абаронца Боазу: «Набудзь [гэта] сабе». І зьняў сандал свой.
І сказаў Боаз старшыням і ўсяму народу: «Вы — сьведкі ў гэты дзень, што я набыў з рукі Наомі ўсё, што [належала] Элімэлеху, і ўсё, што [належала] Кільёну і Махлону.
10  І таксама Рут Мааўлянку, жонку Махлона, я набыў сабе за жонку, каб аднавіць імя памерлага ў спадчыне ягонай, каб не загінула імя памерлага між братоў ягоных і ў брамах месца ягонага. Вы — сьведкі ў гэты дзень».
11  І ўвесь народ, які быў у брамах, і старшыні сказалі: «Мы — сьведкі. Няхай зробіць ГОСПАД, што жанчына, якая ўваходзіць у дом твой, будзе як Рахель і як Лея, якія збудавалі дом Ізраіля. Здабудзь багацьце ў Эфраце, і няхай славіцца імя [тваё] ў Бэтлееме.
12  Няхай дом твой будзе як дом Пэрэса, якога Тамар нарадзіла Юдзе, праз насеньне, якое ГОСПАД дасьць табе праз гэтую дзяўчыну».
13  І ўзяў Боаз Рут, і яна сталася жонкай ягонай. І ён увайшоў да яе, і ГОСПАД даў ёй зачаць, і яна нарадзіла сына.
14  І сказалі жанчыны Наомі: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які не пакінуў цябе без сваяка-абаронцы ў гэты дзень, і няхай гучыць імя ягонае ў Ізраілі.
15  І будзе ён пацяшэньнем для душы і забесьпячэньнем старасьці тваёй. Бо нявестка твая, якая любіць цябе, нарадзіла яго, тая, што лепшая для цябе за сем сыноў».
16  І ўзяла Наомі дзіцятка, і палажыла на ўлоньне сваё, і была для яго нянькаю.
17  І назвалі суседкі імя ягонае, кажучы: «Нарадзіўся сын у Наомі». І назвалі імя ягонае Абэд. Ён — бацька Есэя, бацькі Давіда.
18  І вось радавод Пэрэса: Пэрэс нарадзіў Хецрона.
19  А Хецрон нарадзіў Рама, а Рам нарадзіў Амінадава.
20  А Амінадаў нарадзіў Нахшона, а Нахшон нарадзіў Сальму.
21  А Сальма нарадзіў Боаза, а Боаз нарадзіў Абэда.
22  А Абэд нарадзіў Есэя, а Есэй нарадзіў Давіда.