1 Сам 11
І прыйшоў Нахаш Аманянін, і пачаў аблогу гораду Ябэш у Гілеа­дзе. І сказалі Нахашу ўсе жыхары Ябэшу: «Заключы з намі запавет, і мы будзем служыць табе».
Нахаш Аманянін сказаў ім: «Я заключу з вамі запавет [з умовай], што кожнаму з вас я вырву правае вока і выстаўлю вас на пасьмешышча перад усім Ізраілем»
І сказалі яму старшыні Ябэшу: «Дай нам сем дзён, каб мы маглі разаслаць пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля. І калі ніхто не дапаможа нам, мы выйдзем да цябе».
І прыйшлі пасланцы ў Гіву, горад Саўла, і сказалі слова гэтае ў вушы народу. І ўзьняў увесь народ голас свой, і заплакаў.
А вось, Саўл гнаў валоў з поля. І сказаў Саўл: «Што [здарылася], што народ плача?» І расказалі яму словы людзей з Ябэшу.
І зыйшоў на Саўла Дух Божы, калі пачуў ён словы гэтыя, і ахапіў яго гнеў вялікі.
І ўзяў ён пару валоў, і пасек іх на кавалкі, і паслаў праз рукі пасланцоў у-ва ўсе межы Ізраіля, кажучы: «Хто ня выйдзе і ня пойдзе за Саўлам і Самуэлем, так станецца з яго валамі». І ахапіў страх перад ГОСПАДАМ народ, і выйшлі яны ўсе, як адзін чалавек.
І ён палічыў іх у Бэзэку, і было трыста тысячаў сыноў Ізраіля, а ваяроў Юды было трыццаць тысячаў.
І сказалі яны пасланцам, якія былі прыйшоўшы: «Так скажыце жыхарам Ябэшу Гілеадзкага: “Заўтра, калі сонца прыгрэе, прыйдзем вас ратаваць”». І вярнуліся пасланцы, і расказалі гэта жыхарам Ябэшу, і тыя ўзрадаваліся.
10  І сказалі жыхары Ябэшу [Нахашу]: «Раніцай мы вый­дзем да вас, і вы зробіце з намі, што будзе добра ў вачах вашых».
11  Назаўтра Саўл падзяліў народ на тры дружыны, і яны на сьвітаньні ўварваліся ў сярэ­дзіну табару і забівалі Аманянаў аж да сьпякоты дня, а тыя, што засталіся, расьсеяліся так, што не засталося з іх двух разам.
12  І сказаў народ Самуэлю: «Хто гэта казаў: “Ці можа Саўл валадарыць над намі?”? Аддайце нам гэтых людзей, і мы заб’ем іх».
13  Але Саўл сказаў: «Ніхто не памрэ ў гэты дзень, бо сёньня ГОСПАД даў выратаваньне Ізраілю».
14  А Самуэль сказаў народу: «Хадземце, пойдзем у Гільгал, і там абновім валадарства».
15  І пайшоў увесь народ у Гільгал, і паставілі валадаром Саўла перад абліччам ГОСПАДА ў Гільгале, і там склалі ахвяры мірныя перад абліччам ГОСПАДА. І там радаваліся вельмі Саўл і ўсе жыхары Ізраіля.