1 Сам 22
І пайшоў Давід адтуль, і ўцёк у пячору Адулям. І пачулі [пра гэта] браты ягоныя і ўвесь дом бацькі ягонага, і ўсе пайшлі за ім туды.
І сабраліся да яго ўсе пакрыўджаныя, і тыя, што мелі даўгі, і засмучаныя ў духу, і ён стаўся іх правадыром. І было з ім каля чатырох сотняў чалавек.
Адтуль пайшоў Давід у Міц­пу, якая ў Мааве, і сказаў валадару Мааву: «Дазволь жыць у вас бацьку майму і маці маёй, пакуль выявіцца, што Бог зробіць са мною».
І ён прывёў іх перад аблічча валадара Мааву, і яны заставаліся ў яго ўсе дні, калі Давід хаваўся ва ўмацаваным месцы.
І сказаў прарок Гад Давіду: «Не заставайся ва ўмацаваным месцы, але зьбярыся і ідзі ў зямлю Юды». І вырушыў Давід, і прыйшоў у лес Хэрэт.
І пачуў Саўл, што заўважаны Давід і людзі, якія з ім. А Саўл сядзеў тады ў Гіве пад тамарыскам на ўзгорку, і дзіда была ў руцэ ягонай, а ўсе слугі ягоныя атачалі яго.
І сказаў Саўл слугам сваім, што былі з ім: «Слухайце, сыны Бэн’яміна! Ці ж сын Есэя дасьць вам усім палі і вінаграднікі? Ці ж вас усіх ён зробіць тысячнікамі і сотнікамі,
што вы запрысягліся супраць мяне. Ніхто не паведаміў у вушы мае пра запавет сына майго з сынам Есэя. Ніхто з вас не спачуваў мне і не паведаміў у вушы мае, што сын мой узбудзіў слугу майго супраць мяне, каб ён зрабіў засаду на мяне як гэта [дзеецца] сёньня».
І адказаў Даэг Эдомец, які стаяў між слугамі Саўла, і сказаў: «Я бачыў сына Есэя ў Нобе ў Ахімэлеха, сына Ахітува.
10  І ён пытаўся ў ГОСПАДА дзеля яго, і даў яму ежу, і даў яму меч Галіята Філістынца».
11  І паслаў валадар, каб паклікалі сьвятара Ахімэлеха, сына Ахітува, і ўвесь дом бацькі ягонага, сьвятароў, якія ў Нобе. І ўсе яны прыйшлі да валадара.
12  І сказаў Саўл: «Слухай, сыне Ахітува!» Ён сказаў: «Вось я, гаспадару мой».
13  І сказаў яму Саўл: «Чаму запрысягліся вы супраць мяне, ты і сын Есэя, і даў ты яму хлябы і меч, і пытаўся дзеля яго ў Бога, каб ён паўстаў суп­раць мяне, як гэта [дзеецца] сёньня?»
14  І адказаў валадару Ахімэлех, і сказаў: «Хто спасярод слугаў тваіх ёсьць так верны як Давід, зяць валадара? Ён стаіць на чале варты тваёй і шанаваны ў доме тваім.
15  Ці ж толькі сёньня я пытаўся дзеля яго ў Бога? Ніякім чынам! Няхай валадар не закідвае ў гэтай справе слузе твайму і ўсяму дому бацькі майго, бо слуга твой нічога ня ведае ў гэтай справе, ані малога, ані вялікага».
16  І сказаў валадар: «Ты сьмерцю памрэш, Ахімэлех, ты і ўвесь дом бацькі твайго».
17  І загадаў валадар слугам, якія атачалі яго: «Ідзіце і забіце сьвятароў ГОСПАДА, бо рука іхняя з Давідам, бо яны ведалі, што ён уцякае, і не паведамілі ў вушы мае». Але слугі валадара не хацелі падняць рукі сваёй на сьвятароў ГОСПАДА.
18  І сказаў валадар Даэгу: «Ты ідзі і забі сьвятароў». І Даэг Эдомец падыйшоў да сьвятароў, і забіў у той дзень восем­дзясят пяць чалавек, апранутых у ільняны эфод.
19  І напаў Саўл на сьвятарскі горад Ноб, і вострывам мяча пазабіваў мужчынаў і жанчынаў, дзяцей і немаўлят, валоў, аслоў і авечак.
20  І ўратаваўся [толькі] адзін сын Ахімэлеха, сына Ахітува, на імя Абіятар, і ён уцёк да Давіда.
21  І Абіятар паведаміў Давіду, што Саўл забіў сьвятароў ГОСПАДА.
22  І сказаў Давід Абіятару: «Я ведаў у той дзень, калі быў там Даэг Эдомец, што ён паведаміць пра гэта Саўлу. Я вінаваты ў-ва ўсіх душах дому бацькі твайго.
23  Заставайся са мною, ня бойся! Хто шукае душы маёй, той шукае душы тваёй, але са мною ты будзеш выратаваны».