2 Сам 22
І прамовіў Давід словы гэтага сьпеву для ГОСПАДА ў дзень, калі вызваліў яго ГОСПАД з рук усіх ворагаў ягоных і з рукі Саўла.
І ён сказаў: «ГОСПАД — скала мая і замчышча маё, Ён — Збаўца мой.
Бог мой, скала мая, у якой хаваюся, шчыт мой, рог збаўленьня майго! Ты — прыстанішча маё і Абаронца мой, Збаўца мой, ад гвалту Ты выз­валіў мяне.
Паклічу я ГОСПАДА, Які годны хвалы, і ад ворагаў маіх збаўлены буду.
Ахапілі мяне хвалі сьмерці, віры Бэліяла стрывожылі мяне,
путы пякельныя аплялі мяне, і пасткі сьмерці схапілі мяне.
У прыгнечаньні маім я клікаў ГОСПАДА і галасіў да Бога майго. І Ён пачуў са сьвятыні Сваёй голас мой, і лямант мой [дайшоў] да вушэй Ягоных.
І дрыжучы, задрыжэла зямля, і падваліны нябесныя зварухнуліся і захісталіся, бо ўгня­віўся Ён.
Узьняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных — агонь палючы; вугольле распальваецца ад Яго.
10  Нахіліў Ён нябёсы, і зыйшоў, і імгла пад нагамі Ягонымі.
11  Ён сеў на херувіма, і паляцеў, і ўзьнёсься на крылах ветру.
12  І зрабіў цемру заслонай сабе, намёт Ягоны з цёмных водаў, з густых хмараў.
13  Ад бляску перад Ім загарэлася вугольле вогненнае.
14  І загрымеў у небе ГОСПАД, і Найвышэйшы падаў голас Свой.
15  І Ён пусьціў стрэлы Свае, і расьцярушыў іх, і мноствам маланак зьбянтэжыў іх.
16  І выявіліся глыбіні мора, і адкрыліся падваліны сусьвету ад пагрозаў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, і ад подыху духу гневу Твайго.
17  Паслаўшы з вышыні, Ён схапіў мяне, выцягнуў мяне з водаў вялікіх,
18  вызваліў мяне ад ворага майго моцнага, і ад тых, якія ненавідзяць мяне, бо яны дужэйшыя за мяне.
19  Яны схапілі мяне ў дзень няшчасьця майго, але ГОСПАД быў падпорай для мяне.
20  І Ён вывеў мяне на месца прасторнае, Ён выратаваў мяне, бо мне спагадае.
21  І даў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, паводле чыстасьці рук маіх мне аднагародзіў,
22  бо я захоўваў шляхі ГОС­ПАДА, і не адступаў бязбожна ад Бога майго.
23  Бо ўсе суды Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не ўхіляўся,
24  Я быў беззаганны перад Ім, і захоўваў сябе ад беззаконьня.
25  І аднагародзіў мне ГОСПАД паводле праведнасьці маёй, і паводле чыстасьці рук маіх перад вачыма Ягонымі.
26  З багабойным Ты будзеш багабойным, з чалавекам беззаганным будзеш беззаганны,
27  для чыстага сэрцам Ты чыс­ты сэрцам, а для крывадушнага Ты падступны,
28  бо людзей прыгнечаных Ты збаўляеш, а вочы пыхлівыя паніжаеш.
29  Бо Ты, ГОСПАДЗЕ, — сьветач мой, ГОСПАД асьвятляе цемру маю.
30  Бо з Табою я атакую войска, і з Богам маім узыйду на муры.
31  Бог, беззаганны шлях Ягоны, слова ГОСПАДА [агнём] ачышчана, Ён — шчыт для ўсіх, хто ў Ім мае надзею.
32  Бо хто Бог, апрача ГОСПАДА? І хто скала, апрача Бога нашага?
33  Бог, Які падпярэзвае мяне сілаю і робіць беззаганным шлях мой.
34  Ён робіць ногі мае, як у аленя, і на вышыні ставіць мяне.
35  Ён навучае рукі мае для бітвы, і рамёны мае напінаюць лук мядзяны.
36  І ты даў мне шчыт збаўленьня Твайго, і ласкавасьць Твая ўзьвялічвае мяне.
37  Ты пашырыў крокі мае, і не хісталіся ногі мае.
38  Я перасьледаваў ворагаў маіх, і даганяў іх, і не вяртаўся, пакуль ня зьнішчыў іх.
39  Я зьнішчыў іх так, што яны не маглі ўстаць і падалі пад ногі мае.
40  Ты падперазаў мяне сілай дзеля бітвы, і Ты паваліў перада мною тых, якія паўсталі суп­раць мяне.
41  Ты даў мне [бачыць] карак ворагаў маіх, і тых, што мяне ненавідзяць, я вынішчыў.
42  Яны галасілі, і не было таго, хто іх збавіць. Яны да ГОС­ПАДА, але Ён не адказаў ім.
43  Я стоўк іх як пыл зямлі, як балота на вуліцы я таптаў іх.
44  Ты выратаваў мяне ад звадак людзей, паставіў мяне за галаву плямёнам. Людзі, якіх я ня ведаў, будуць служыць мне.
45  Чуючы вушамі [пра мяне], яны слухаюцца мяне. Сыны чужынцаў падпарадкаваліся мне.
46  Сыны чужынцаў млеюць і трымцяць у агароджах сваіх.
47  Жыве ГОСПАД, дабраслаўлёная скала мая, і няхай узвысіцца Бог збаўленьня майго.
48  Бог, Які адпомсьціў за мяне і схіліў народы перада мною,
49  Які выратаваў мяне ад ворагаў маіх, і ўзвысіў мяне па-над тымі, што паўсталі супраць мяне, ад чалавека злачыннага вызваліў мяне.
50  Дзеля гэтага буду славіць Цябе, ГОСПАДЗЕ, сярод народаў, і буду імя Тваё выслаўляць,
51  бо Ты ўзьвялічыў збаўленьнем валадара Твайго і зьявіў міласэрнасьць памазанцу Твайму, Давіду, і насеньню ягонаму на вякі».