2 Сам 8
І сталася пасьля гэтага, Давід разьбіў Філістынцаў і падпарадкаваў іх. І ўзяў Давід з рук Філістынцаў Мэтэг і ваколіцы.
І разьбіў ён Мааўлянаў, і зьмерыў іх вяроўкаю, палажыўшы на зямлю; дзьве вяроўкі адмяраў для тых, што мелі быць забітыя, а адну вяроўку для тых, што мелі застацца пры жыцьці. І Мааўляне сталіся слугамі Давіда, і прыносілі яму даніну.
І пабіў Давід Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы, калі той пайшоў, каб паставіць руку сваю над ракой Эўфрат.
І ўзяў у яго Давід тысячу семсот коньнікаў і дваццаць тысячаў пяхотнікаў. І паперарэзваў Давід жылы ў-ва ўсіх [коняў] тых калясьніцаў, і пакінуў з іх сабе сто калясьніцаў.
І прыйшоў Арам з Дамаску на дапамогу Гададэзэру, валадару Цовы, і Давід пабіў у Арама дваццаць дзьве тысячы чалавек.
І паставіў Давід залогі ў Араме ў Дамаску, і Арам стаўся слугой Давіда, і прыносіў яму даніну. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.
І ўзяў Давід залатую зброю, якую мелі слугі Гададэзэра, і прынёс яе ў Ерусалім.
А з Бэтаху і Бэратаю, гарадоў Гададэзэра, узяў Давід вельмі шмат медзі.
І пачуў Тоў, валадар Хамату, што Давід перамог усё войска Гададэзэра,
10  і паслаў Тоў сына свайго Ярама да валадара Давіда прывітаць яго і дабраславіць яго, што ён ваяваў з Гададэзэрам і пабіў яго, бо Тоў і Гададэзэр былі ворагамі. І ў руцэ [Ярама] былі рэчы срэбныя, рэчы залатыя і рэчы мядзяныя.
11  І валадар Давід пасьвяціў таксама гэта для ГОСПАДА разам са срэбрам і золатам, якое забраў ён у-ва ўсіх упакораных народаў:
12  у Арама, Мааўлянаў, сыноў Амона, Філістынцаў, Амалекцаў, і са здабычы Гададэзэра, сына Рэхова, валадара Цовы.
13  І праславіў Давід імя сваё, калі, вяртаючыся, пабіў Арама ў Саляной даліне, васямнац­цаць тысячаў чалавек.
14  І паставіў ён у Эдоме залогу, і ўвесь Эдом стаўся слугою Давіда. І ГОСПАД выбаўляў Давіда ў-ва ўсіх выправах ягоных.
15  І валадарыў Давід над усім Ізраілем, і чыніў Давід суд і праведнасьць усяму народу свайму.
16  І Ёаў, сын Цэруі, [быў] над войскам, а Язафат, сын Ахілюда — канцлер,
17  Цадок, сын Ахітува, і Абіятар, сын Ахімэлеха, — святары, а Сэрая — пісар,
18  Бэная, сын Егаяды, — над Керэтамі і Пэлетамі, а сыны Давіда былі сьвятарамі.