Псн 4
«Якая прыгожая ты, сяброўка мая, якая ты прыгожая! Вочы твае — як галубкі пад кудзеркамі тваімі. Валасы твае — як чарада козаў, якія зыходзяць з гары Гілеад.
Зубы твае — як чарада стрыжаных авечак, якія выходзяць з купаньня; у кожнай пара ягнятак, і няплоднай няма сярод іх.
Быццам стужка кармазыновая — губы твае, і вусны твае салодкія. Як паловы яблыка гранатовага шчочкі твае пад кудзеркамі тваімі.
Як вежа Давідава шыя твая, збудаваная для абароны, тысяча шчытоў завешана на ёй, усё — зброя волатаў.
Грудзі твае — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны, якія пасьвяцца сярод лілеяў.
Пакуль дзень дыхае [ветрам] і зьнікаюць цені, пайду на гару міры і на ўзгорак кадзіла.
Уся ты прыгожая, сяброўка мая, і заганы няма ў табе.
Са мною з Лібану, нявеста мая, са мною з Лібану ідзі; паглядзі з вяршыні Аману, з вяршыні Сэніру і Гермону, з лежышчаў львоў, з гор леапардаў.
Паланіла ты сэрца маё, сястра мая нявеста, паланіла ты сэрца маё адным [позіркам] вачэй тваіх, і аднымі пацеркамі на шыі тваёй.
10  Якое цудоўнае каханьне тваё, сястра мая нявеста, лепшае каханьне тваё, чым віно. А пах алейкаў тваіх [лепшы] за ўсе пахошчы.
11  Мёд сотавы сьцякае з вуснаў тваіх, нявеста, мёд і малако пад языком тваім, а водар шатаў тваіх — як водар Лібану.
12  Замкнёны сад — сястра мая, нявеста, замкнёны сад, крыніца запячатаная.
13  Улоньне тваё — сад яблык гранатовых з адборнымі пладамі, кіпэр і нард.
14  Нард і шафран, [пахкі] трысьнёг і цынамон з усімі дрэвамі ладану, міра і альвасу і з усімі найлепшымі пахошчамі.
15  Ты — крыніца ў садзе, студня вады жывой, якая сьця­кае з Лібану.
16  Абудзіся, вецер з поўначы! Прыйдзі, вецер з поўдня; дзьмі на сад мой, і няхай паця­куць пахошчы ягоныя». «Няхай прыйдзе любы мой у сад свой, і няхай есьць найлепшыя плады ягоныя».