Псн 8
«Калі б ты быў братам маім, які смактаў грудзі маці маёй, калі б сустрэла цябе на вуліцы, я б пацалавала цябе, і ніхто не дакараў бы мяне.
Я схапіла б цябе і павяла б у дом маці маёй; і ты вучыў бы мяне, а я напаіла б цябе пахкім віном і сокам яблыкаў гранатовых маіх.
Левая рука ягоная пад галавой маёй, а правіцай сваёй ён абдымае мяне».
«Заклінаю вас, дочкі Ерусалімскія, не будзіце і не падымайце каханую, аж пакуль сама не захоча».
«Хто гэта, якая выходзіць з пустыні, абапіраючыся на любага свайго?» «Пад яблынай я пабудзіў цябе; там зачала цябе маці твая, там зачала цябе тая, што нарадзіла цябе.
Палажы мяне як пячатку на сэрца тваё, як пячатку на плячо тваё, бо магутнае як сьмерць каханьне, і няўмольная як пекла рэўнасьць, жар яе — як жар агню, як полымя ГОСПАДА.
Вялікія воды ня змогуць патушыць каханьне, і рэкі не затопяць яго. Калі б чалавек хацеў аддаць усю маёмасьць дому свайго за каханьне, ён быў бы адрынуты з пагардай».
«Сястра нашая малая, і грудзей няма ў яе. Што мы зробім для сястры нашай у дзень, калі будуць гаварыць пра яе?
Калі яна — мур, мы пабудуем на ім палац са срэбра, калі яна — брама, мы ашалюем яе дошкамі кедровымі».
10  «Я — мур, і грудзі мае — як вежы, таму я буду ў вачах ягоных як тая, што знайшла супакой.
11  Вінаграднік быў у Салямона ў Баал-Гамоне; ён аддаў вінаграднік тым, што пільнуюць яго; за плады ягоныя кожны прыносіў тысячу [сыкляў] срэбра.
12  Вінаграднік мой, які маю, перада мною; тысячу [сыкляў] табе, Салямоне, а дзьвесьце — тым, якія пільнуюць плады ягоныя».
13  «О ты, якая жывеш у садах, таварышы твае слухаюць голас [твой], дай і мне пачуць яго».
14  «Уцякай, любы мой, будзь падобны да сарны, да маладога аленя на гарах пахкіх дрэваў!»