Зах 3
І Ён паказаў мне Егошуа, сьвятара вялікага, які стаяў перад абліччам анёла ГОСПАДА, і шатана, які стаў праваруч яго, каб супрацьстаяць яму.
І сказаў ГОСПАД шатану: “Няхай утаймуе цябе ГОСПАД, шатан, няхай утаймуе цябе ГОСПАД, Які абраў Ерусалім. Ці не галавешка гэта, выхапленая з агню?”
Егошуа быў апрануты ў адзеньне запэцканае і стаяў перад абліччам анёла.
І Ён адказаў, і сказаў да тых, якія стаялі перад абліччам Ягоным, кажучы: “Здыміце з яго адзеньне запэцканае”. А яму сказаў: “Глядзі, Я зьняў з цябе беззаконьне тваё, і апрануў цябе ў шаты ўрачыстыя”.
І сказаў: “Няхай ускла­дуць мітру чыстую на галаву ягоную”. І ўсклалі мітру чыстую на галаву ягоную, і апранулі яго ў шаты. А анёл ГОСПАДА стаяў.
І папярэдзіў анёл ГОСПАДА Егошуа, кажучы:
“Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Калі будзеш хадзіць па шляхах Маіх, і калі будзеш захоўваць загады Мае, тады таксама будзеш судзіць дом Мой, і захоўваць панадворкі Мае, і Я дам табе хадзіць паміж тых, якія стаяць [тут].
Паслухай, прашу, Егошуа, сьвятар вялікі, ты і бліжнія твае, якія сядзяць перад абліччам тваім, бо яны — мужы, [якім будзе] знак. Бо вось, Я прывяду слугу Майго, Парастка.
Бо вось камень, які Я паклаў перад абліччам Егошуа; на адным камяні — сем вачэй. Вось, Я выражу на ім рэзьблены [надпіс], кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і аддалю беззаконьне зямлі гэтай за адзін дзень.
10  У той дзень, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, будзеце клікаць адзін аднаго, [каб сядзець] пад вінаграднай лазой і пад дрэвам фігавым”.