Зах 7
І сталася ў чацьвёртым годзе валадара Дарыя, і было слова ГОСПАДА да Захарыі ў чацьвёрты дзень дзявятага месяца Кісьлеў.
І паслалі з Бэтэля Шарэцэра і Рэгэм-Мэлеха і людзей іхніх маліць аблічча ГОСПАДА,
каб сказаць сьвятарам, якія ў Доме ГОСПАДА Магуцьцяў, і прарокам, кажучы: «Ці маю я плакаць у пятым месяцы з пасьвячэньнем, як я рабіў гэта шмат гадоў?»
І было да мяне слова ГОСПАДА Магуцьцяў, кажучы:
«Кажы ўсяму народу і сьвятарам, кажучы: “Калі вы посьцілі і былі ў жалобе ў пятым і ў сёмым месяцы гэтыя семдзясят гадоў, ці вы для Мяне постам посьцілі?
І калі вы елі, і калі пілі, ці ж ня дзеля сябе вы елі і пілі?
Ці ж [гэта] ня тыя словы, якія абвясьціў ГОСПАД праз рукі прарокаў ранейшых, калі Ерусалім быў заселены і ў супакоі, і гарады ягоныя вакол яго, і Нэгеў, і Шэфэля былі заселеныя?”»
І было слова ГОСПАДА да Захарыі, кажучы:
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: “Судзіце суд паводле праўды і будзьце літасьцівыя кожны да брата свайго.
10  І ўдавы, і сіраты, і прыхадня, і беднага не ўціскайце, і зла ня думайце супраць брата свайго ў сэрцы сваім”.
11  Але яны адмовіліся прыхіліць вуха і павярнуліся бунтоўна сьпінаю, і вушы свае зрабілі цяжкімі, каб ня чуць,
12  і сэрцы свае зрабілі як крэмень, каб ня чуць Закону і словаў, якія пасылаў ГОСПАД Магуцьцяў Духам Сваім праз рукі прарокаў; і быў гнеў вялікі ад ГОСПАДА Магуцьцяў.
13  “І сталася, што калі Я клікаў, яны ня чулі. Так і яны будуць клікаць, і Я ня буду чуць, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
14  І Я разьвеяў іх паміж усіх народаў, якіх яны ня ведалі, і зямля спустошаная пасьля іх, ажно няма нікога, хто б праходзіў ці вяртаўся. І яны ператварылі зямлю жаданую ў пустэчу”».