Бц 31
I пачуў [Якуб] словы сыноў Лявана, якія казалі: “Забраў Якуб усё, што было ў бацькі нашага, і з таго, што было ў бацькі нашага, учыніў сабе ўсю гэтую славу”.
I бачыў Якуб аблічча Лявана, і вось, ён ня быў з ім такі, як учора і пазаўчора.
I сказаў ГОСПАД Якубу: “Вярніся ў зямлю бацькоў тваіх і нараджэньня твайго, і Я буду з табою”.
I паслаў Якуб, і паклікаў Рахель і Лею ў поле да авечак сваіх,
і сказаў ім: «Я бачу аблічча бацькі вашага, што ён не такі да мяне, як учора ці пазаўчора. I Бог бацькі майго быў са мною.
I вы ведаеце, што я ўсімі сіламі служыў бацьку вашаму,
і бацька ваш ашукваў мяне, і змяняў плату маю дзесяць разоў, але ня даў яму Бог зрабіць крыўду мне.
Калі сказаў ён: “Стракатыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі стракатыя. А калі сказаў ён: “Пасастыя будуць платай тваёй”, нараджаліся ўсе авечкі пасастыя.
I забраў Бог статак у бацькі вашага, і даў яго мне.
10  I было ў часе параваньня авечак, і ўзьняў я вочы мае, і бачыў у сьне, і вось, бараны, якія ўскочылі на авечак, былі пасастыя, стракатыя і пярэстыя.
11  I сказаў мне анёл Божы ў сьне: “Якубе!” І я сказаў: “Вось я!”
12  I Ён сказаў: “Узьнімі вочы твае і паглядзі: усе бараны, якія ўскочылі на авечак, пасастыя, стракатыя і пярэстыя, бо Я бачыў усё, што Ляван робіць табе.
13  Я — Бог з Бэтэлю, дзе ты памазаў слуп і дзе абяцаў Мне абяцаньне. Цяпер устань, выйдзі з зямлі гэтае, і вярніся ў зямлю нараджэньня твайго”».
14  I адказалі Рахель і Лея, і сказалі яму: “Ці ёсьць яшчэ ў нас частка і спадчына у доме бацькі нашага?
15  Ці не за чужых ён нас мае? Бо ён прадаў нас, і еў, зьядаючы срэбра нашае.
16  Таму ўсё багацьце, якое забраў Бог у бацькі нашага, нашае яно і дзяцей нашых. I цяпер усё, што сказаў Бог табе, рабі”.
17  I ўстаў Якуб, і пасадзіў дзяцей сваіх і жонак сваіх на вярблюдаў.
18  I павёў усе статкі свае і ўсю маёмасьць сваю, якую прыдбаў, статкі ўласнасьці сваёй, якую ён прыдбаў у Падан-Араме, каб ісьці да Ісаака, бацькі свайго, у зямлю Ханаан.
19  А Ляван пайшоў стрыгчы авечкі свае. I ўкрала Рахель балваноў, якія былі ў бацькі ейнага.
20  I ашукаў Якуб сэрца Лявана Арамейца, бо не сказаў яму, што ўцякае.
21  I ўцёк ён з ўсім, што ў яго; і устаў, і перайшоў праз раку, і скіраваў аблічча сваё да гары Гілеад.
22  I паведамілі Лявану на трэйці дзень, што ўцёк Якуб.
23  I ўзяў ён з сабою братоў сваіх, і гнаўся за ім дарогаю сем дзён, і дагнаў яго на гары Гілеад.
24  I прыйшоў Бог да Лявана Арамейца ў сьне ўначы, і сказаў яму: “Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога”.
25  I дагнаў Ляван Якуба, а Якуб паставіў намёт свой на гары. І Ляван паставіў [намёт] з братамі сваімі на гары Гілеад.
26  I сказаў Ляван Якубу: “Што ты зрабіў? Ты ашукаў сэрца маё, і вывеў дочак маіх, быццам палоненых мячом.
27  Чаму ты патаемна ўцёк, і абакраў мяне, і не сказаў мне? І я адпусьціў бы цябе з радасьцю і сьпевамі, з бубнамі і гусьлямі.
28  А ты не дазволіў мне пацалаваць сыноў маіх і дочак маіх. Гэта ты дрэнна зрабіў.
29  Ёсьць сіла ў руцэ маёй учыніць вам ліха, але Бог бацькі вашага ўчора ўначы сказаў мне, кажучы: “Сьцеражыся, не гавары Якубу ані добрага, ані ліхога”.
30  І цяпер ты, ідучы, пайшоў, бо ты сумуючы, засумаваў па доме бацькі твайго. Але навошта ты скраў багоў маіх?”
31  I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: “Бо я баяўся, бо я казаў, што ты забярэш дочак сваіх у мяне.
32  У каго знойдзеш багоў свае, той ня будзе жыць. Перад братамі нашымі правер, што ёсьць у мяне, і вазьмі сабе”. А ня ведаў Якуб, што Рахель украла іх.
33  I ўвайшоў Ляван у намёт Якуба, і ў намёт Леі, і намёт дзьвюх нявольніцаў, і не знайшоў. I выйшаў з намёту Леі, і ўвайшоў у намёт Рахелі.
34  А Рахель узяла балваноў, і палажыла іх пад вярблюджае сядло, і села на іх. I абшукаў Ляван увесь намёт, і не знайшоў.
35  I сказала яна бацьку свайму: “Няхай не ўзгарыцца гнеў у вачах пана майго, што я не магу ўстаць перад табою, бо слабасьць жаночая ў мяне”. I ён шукаў, і не знайшоў балваноў.
36  I ўзгарэўся гнеў Якуба, і ён сварыўся з Ляванам. I адказаў Якуб, і сказаў Лявану: “Якая віна мая, які грэх мой, што ты гнаўся за мною?
37  Бо ты абшукаў усе рэчы мае. Ці знайшоў ты нешта з рэчаў дому свайго? Палажы іх тут перад братамі маімі і братамі тваімі. Няхай яны рассудзяць паміж намі двума.
38  Вось, дваццаць год я [быў] з табою. Авечкі твае і козы твае не скідалі, і бараноў з авечак тваіх я ня еў.
39  Разьдзёртага [зьвярамі] я не прыносіў да цябе, я сам нёс віну, з рукі маёй ты шукаў гэта, ці яно было ўкрадзена ўдзень, ці ўкрадзена ўначы.
40  Было, што ўдзень жэрла мяне гарачыня, і мароз уначы; і ўцякаў сон мой з вачэй маіх.
41  Гэтакія [былі] мае дваццаць гадоў у доме тваім. Я служыў табе чатырнаццаць гадоў за дзьве дочкі твае і шэсьць гадоў за авечак тваіх, і ты зьмяняў плату маю дзесяць разоў.
42  Калі б Бог бацькі майго, Бог Абрагама і [Той, Каго] баіцца Ісаак, ня быў са мною, дык цяпер пустым ты выслаў бы мяне. Пакуты мае і працу рук маіх бачыў Бог і рассудзіў учора ўвечары”.
43  I адказаў Ляван, і сказаў Якубу: “Дочкі гэтыя — мае дочкі, і сыны гэтыя — мае сыны; і авечкі гэтыя — мае авечкі, і ўсё, што ты бачыш, — гэта маё. I дочкам маім, што я зраблю ім сёньня, або сынам іхным, якіх яны нарадзілі?
44  А цяпер хадзі, заключым запавет я і ты, і ён будзе сьведчаньнем паміж мной і табою”.
45  I ўзяў Якуб камень, і паставіў яго як слуп.
46  I сказаў Якуб братом сваім: “Назьбірайце камянёў”. І яны ўзялі камяні, і зрабілі крушню, і елі там на крушні.
47  I назваў яе Ляван Егар-Сагадута, а Якуб назваў яе Галед.
48  I сказаў Ляван: “Крушня гэтая — сьведчаньне паміж мной і табою сёньня”. Таму і назвалі імя ейнае Галед
49  і Міцпа, бо ён сказаў: “Няхай назірае ГОСПАД паміж мною і табою, калі разыйдземся адзін ад аднаго.
50  Калі ты будзеш уціскаць дочак маіх і калі возьмеш жонак акрамя дочак маіх, [хоць] няма чалавека з намі, глядзі, Бог — сьведка паміж мною і табою”.
51  I сказаў Ляван Якубу: “Вось крушня гэтая, і вось слуп, які я паставіў паміж мной й табою.
52  Сьведкам [будзе] крушня гэтая і сьведкам [будзе] слуп, што ані я не перайду да цябе за гэтую крушню і за гэты слуп, ані ты не пярэйдзеш да мяне за гэтую крушню і за гэты слуп з ліхім [намерам].
53  Бог Абрагама і Бог Нахора, Бог бацькоў іхніх няхай судзіць нас”. I прысягнуў Якуб на [Таго, Каго] баіцца бацька ягоны Ісаак.
54  I ахвяраваў Якуб ахвяру на гары, і паклікаў братоў сваіх есьці хлеб. І яны елі хлеб, і начавалі на гары.
55  I ўстаў Ляван рана раніцай, і пацалаваў сыноў сваіх і дочак сваіх, і дабраславіў іх, і пайшоў, і вярнуўся Ляван на сваё месца.