Бц 33
I ўзьняў Якуб вочы свае, і ўбачыў, і вось, Эзаў прыйшоў, і з ім чатырыста чалавек. I ён падзяліў дзяцей Леі, Рахелі і дзьвюх нявольніцаў.
I паставіў нявольніц і дзяцей іхніх першымі, а Лею і дзяцей ейных за імі, а Рахель і Язэпа за імі.
І ён выйшаў перад імі, і пакланіўся да зямлі сем разоў, пакуль наблізіўся да брата свайго.
I пабег Эзаў яму насустрач, і абняў яго, і ўпаў на шыю яму, і цалаваў яго, і плакалі.
І ўзьняў ён вочы свае, і ўбачыў жанчынаў і дзяцей, і сказаў: “Хто яны табе?” I сказаў [Якуб]: “Дзеці, якімі Бог абдараваў слугу твайго”.
I наблізіліся нявольніцы, самі і дзеці іхнія, і пакланіліся.
I наблізілася таксама Лея і дзеці ейныя, і пакланіліся. А потым наблізіліся Язэп і Рахель, і пакланіліся.
I сказаў [Эзаў]: “Што ў цябе за цэлы табар гэты, які я сустрэў?” I сказаў [Якуб]: “Каб знайсьці ласку ў вачах пана майго”.
I сказаў Эзаў: “Маю я шмат, браце мой. Няхай будзе тваё тое, што ў цябе”.
10  I сказаў Якуб: “Не, прашу, калі я знайшоў ласку ў вачах тваім, прымі дар мой з рукі маёй, бо я, убачыўшы аблічча тваё, быццам убачыў аблічча Божае, і ты меў ласку да мяне.
11  Прымі, прашу, дабраславенства мае, якое я прывёў табе; бо Бог абдараваў мяне, і я маю ўсё”. I ён упрасіў яго, і той узяў.
12  I сказаў [Эзаў]: “Вырушым і пойдзем, і я буду ісьці разам з табою”.
13  I сказаў яму [Якуб]: “Пан мой ведае, што дзеці кволыя, і авечкі котныя, і каровы цельныя ў мяне. Калі пагнаць іх адзін дзень, паздыхаюць усе авечкі.
14  Няхай пан мой пойдзе перад абліччам слугі свайго, а я пайду паволі, паводле хады чарады, якая перада мною, і паводле хады дзяцей, аж прыйду да пана майго ў Сэір”.
15  I сказаў Эзаў: “Я пакіну з табою [частку] людзей, якія са мною”. I сказаў [Якуб]: “Навошта гэта, калі я знайшоў ласку ў вачах пана майго”.
16  I вярнуўся ў той дзень Эзаў шляхам сваім у Сэір.
17  А Якуб вырушыў у Сукот і пабудаваў сабе дом, а статку свайму парабіў буданы. Дзеля гэтага ён назваў імя месцу таму Сукот.
18  I прыйшоў Якуб у супакоі да горады Сыхем, які ў зямлі Ханаан, калі прыйшоў з Падан-Араму, і паставіў [намёты] перад горадам.
19  I купіў ён частку поля, на якім паставіў намёт свой, з рукі сыноў Гамора, бацькі Сыхема, за сто кесытаў.
20  I паставіў там ахвярнік; і назваў яго “Бог ёсьць Бог Ізраіля”.