Адкр 12
І знак вялікі зьявіўся ў небе: жанчына, апранутая ў сонца, і месяц пад нагамі ў яе, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.
І, маючы ва ўлоньні, яна крычала ад болю і мукаў радзінаў.
І зьявіўся другі знак у небе: і вось, цмок вялікі, чырвоны, які меў сем галоваў і дзесяць рагоў, і на галовах ягоных — сем дыядэмаў,
і хвост ягоны сьцягнуў трэцюю частку зорак нябесных і кінуў іх на зямлю. І цмок стаў перад жанчынай, якая мелася нарадзіць, каб, калі народзіць, зжэрці дзіця яе.
І нарадзіла сына, хлопчыка, які мае пасьвіць усе народы кіем жалезным; і было ўзятае дзіцятка яе да Бога і пасаду Ягонага,
і жанчына ўцякла ў пустыню, дзе мае месца, падрыхтаванае ад Бога, каб там жывілі яе тысяча дзьвесьце шэсьцьдзясят дзён.
І сталася вайна ў небе: Міхал і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока, і цмок ваяваў, і анёлы ягоныя,
і не адолелі, і не знайшлося ўжо месца для іх у небе.
І быў скінуты цмок вялікі, зьмей старадаўны, называны д’яблам і шатанам, які падманвае ўвесь сусьвет, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя былі скінутыя з ім разам.
10  І пачуў я голас вялікі, які казаў у небе: «Цяпер сталася збаўленьне, і моц, і Валадарства Бога нашага, і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты абвінавальнік братоў нашых, які дзень і ноч вінаваціў іх перад Богам нашым.
11  І яны перамаглі яго праз кроў Ягняці і праз слова сьведчаньня свайго і не любілі душы сваёй аж да сьмерці.
12  Дзеля гэтага весяліцеся, нябёсы і тыя, якія жывуць у іх! Гора жыхарам зямлі і мора, бо зыйшоў да вас д’ябал, маючы ярасьць вялікую, ведаючы, што ня шмат мае часу».
13  І калі ўбачыў цмок, што ён скінуты на зямлю, пачаў ён перасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла хлопчыка.
14  І дадзены жанчыне два крылы вялікага арла, каб ляцела ў пустыню на месца сваё ад аблічча зьмея, дзе будуць жывіць яе пару, поры і паўпары.
15  І пусьціў зьмей за жанчынай з пашчы сваёй ваду, як раку, каб рака панесла яе.
16  І дапамагла зямля жанчыне, і расчыніла зямля вусны свае, і праглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.
17  І разьюшыўся цмок на жанчыну, і пайшоў ваяваць з рэштай насеньня яе, якія захоўваюць прыказаньні Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.